«Захаваць кожнага». Як Еўрасаюз і СААЗ дапамагаюць беларускім медыкам

28-07-2020

Еўрапейскі саюз і Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) даставілі сродкі індывідуальнай абароны для медыцынскіх работнікаў Мінскай вобласці. Гэта частка двухгадовай праграмы дапамогі беларускай ахове здароўя з боку Еўрапейскага саюза. Фінансаванне праграмы складае больш за 3 млн еўра.

«Мы разам у гэтым крызісе»

Сродкі індывідуальнай абароны (СІА), закупленыя СААЗ на сродкі Еўрапейскага саюза, дастаўленыя ў Мінскі абласны супрацьтуберкулёзны дыспансер, стацыянар якога быў перапрафіляваны для лячэння пацыентаў з COVID-19.

СІА будуць размеркаваныя па ўстановах аховы здароўя Мінскай вобласці ў самыя болевыя кропкі ў неабходнай колькасці, гавораць у дыспансеры. Мэта — не толькі задаволіць надзённыя патрэбы, але і стварыць неабходны запас.

Усяго 13 ліпеня перададзена 455 500 адзінак сродкаў індывідуальнай абароны, уключаючы 300 тысяч медыцынскіх масак, 133 тысячы рэспіратараў, 6000 ахоўных акуляраў, 6000 ахоўных шчыткоў на твар і 10 500 медыцынскіх халатаў.

Як адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі Дзірк Шубель, «сёння мы ўсе разам здзяйсняем яшчэ адзін крок у барацьбе з эпідэміяй COVID-19».

Ён адзначыў, што для ЕС важна ў складаны з эпідэміялагічнага пункту гледжання час «паказаць салідарнасць», бо «мы ўсе еўрапейцы», а Беларусь – суседка Еўрапейскага саюза:

«Мы хацелі паказаць, што мы разам у гэтым крызісе і хочам дапамагаць людзям у Беларусі».

«COVID-19 — не апошні вірус, які нас пераследуе»

Пастаўка сродкаў індывідуальнай абароны з'яўляецца часткай больш шырокай дапамогі з боку СААЗ і ЕС для прадухілення, выяўлення і рэагавання на крызіс, звязаны з COVID-19.

На працягу наступных двух гадоў СААЗ і ЕС працягнуць аказваць падтрымку Беларусі ва ўмацаванні патэнцыялу краіны па рэагаванні на надзвычайныя сітуацыі ў галіне грамадскай аховы здароўя. У прыватнасці, будзе аказвацца кансультатыўна-экспертная дапамога для ўмацавання сістэмы аховы здароўя і падрыхтоўкі да магчымага паўтарэння такіх сітуацый, бо «COVID-19 — не апошні вірус, які нас пераследуе», адзначыў прадстаўнік СААЗ у Беларусі Батыр Бердыклычаў.

«Мы як раз на стадыі абмеркавання з Міністэрствам аховы здароўя, каб спланаваць мерапрыемствы на гэтыя два гады», — сказаў прадстаўнік СААЗ.

«Захаваць кожнага нашага байца»

Усе пастаўленыя СІА, дарэчы, правераныя на адпаведнасць міжнародным стандартам якасці і бяспекі і прызначаныя для медыцынскіх работнікаў, якія знаходзяцца на перадавой барацьбы з COVID-19.

Абарона медыцынскіх работнікаў «якія знаходзяцца на пярэднім фронце барацьбы з СOVID-19», — прыярытэт для СААЗ, сказаў Батыр Бердыклычаў.

Важнасць сродкаў абароны для работнікаў тубдыспансера, стацыянар якога перапрафіляваны для хворых COVID-19, цяжка пераацаніць. Падзякаваўшы ЕС за аказаную дапамогу, галоўны ўрач дыспансера Вольга Гаранюк сказала: «Медыкі — асноўныя байцы з дадзеным захворваннем. Таму нам важна захаваць кожнага нашага байца: урачоў, спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй, санітарак. І ў нас гэта атрымалася».

Прычым атрымалася ў самы складаны ў частцы наплыву пацыентаў перыяд. Цяпер медыкі бачаць, што ў стацыянары становіцца менш хворых. «Пацыентаў стала на чвэрць менш, чым было каля месяца таму», — адзначыла намеснік галоўнага ўрача Мінскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Мар'я Януковіч.

Аўтар: Алена СПАСЮК

Артыкул апублікаваны на рускай мове на сайце Naviny.by

EU response to COVID-19