Валожын без бар'ераў. Як праект ЕС змяніў жыццё ў горадзе

03-09-2020

Як толькі скончыцца эпідэмія, у Валожыне ў рэканструяваным будынку пачне працаваць першы ў Беларусі турыстычны цэнтр і хостэл, даступны для людзей з інваліднасцю. У гэты і іншыя аб'екты ў Валожынскім раёне ў рамках праекта ЕС было ўкладзена больш за мільён еўра.

Чаму Валожын?

«Гэта пяць гадоў майго жыцця, маё стварэнне», — кажа пра праект «Валожын без бар'ераў: узмацненне магчымасцей для прадастаўлення сацыяльных і рэкрэацыйных паслуг для людзей з інваліднасцю ў Валожынскім раёне» яго менеджар Ірына Іванова.

Першапачаткова, распавяла яна, у Беларускага таварыства інвалідаў і грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы» з'явілася ідэя стварыць у якім-небудзь беларускім рэгіёне камфортнае турыстычнае асяроддзе для людзей з інваліднасцю, паказаць, што гэта магчыма і запатрабавана.

Спыніліся на Валожынскім раёне, які знаходзіцца недалёка ад сталіцы. Прывабным для аматараў прыроднага турызму робіць яго Налібоцкая пушча, там шмат аграсядзіб. Валожынскі выканкам пайшоў ідэі насустрач.

На стварэнне інфраструктуры Еўрасаюз выдзеліў грант на 1 млн еўра. Рэалізавалі праект Валожынскі райвыканкам, Беларускае таварыства інвалідаў, ГА «Адпачынак у вёсцы». Фонд «Інтэракцыя» ўдзельнічаў у напісанні праекта, адміністраваў яго і займаўся камунікацыяй з донарамі.

З аднаго боку, у Беларусі дзейнічае дзяржаўная праграма па стварэнні безбар'ернага асяроддзя. З іншага, відавочна, што ёсць недахоп фінансавання, у выніку чаго міжнародныя праекты становяцца добрай падтрымкай і сапраўды набываюць важнае значэнне ў вырашэнні сацыяльных праблем.

«Мы падняліся над руцінай і больш змаглі зразумець людзей з інваліднасцю»

З калегам па праекце згодная дырэктар Валожынскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Галіна Рай, якая ўдзельнічала ў праекце з самага пачатку.

Яна кажа, што ў Валожынскім раёне ёсць разуменне, што грамадскія аб'екты павінны быць даступнымі для ўсіх незалежна ад наяўнасці або адсутнасці інваліднасці. Іншая справа, што ўзяць і стварыць такое асяроддзе за адзін раз немагчыма.

 

«Праект ЕС даў нам магчымасць глыбока пагрузіцца ў тэму даступнасці. Мы вывучалі досвед іншых краін, мы падняліся над руцінай і больш змаглі зразумець людзей з інваліднасцю. У нашых галовах шмат памянялася. Мы не толькі працавалі ў рамках праекта, але і разам з двюма маімі супрацоўніцамі арганізавалі гульнявую пляцоўку для дзяцей, якая даступная і для тых, у каго ёсць інваліднасць. І я бачыла, як хлопчык 16 гадоў упершыню ў сваім жыцці катаўся на арэлях і плакаў ад радасці», — сказала Галіна Рай.

Пандэмія каранавірусу дазволіла многім хоць бы ў агульных рысах зразумець, як няпроста жывецца людзям з інваліднасцю, многія з якіх пастаянна знаходзяцца ў ізаляцыі, не маючы магчымасці выйсці з дому. У Валожынскім раёне жыве каля двюх з паловай тысяч людзей з інваліднасцю, сярод якіх каля ста калясачнікаў, для якіх найбольш адчувальна адсутнасць безбар'ернага асяроддзя.

«Значыць, нездарма мы працавалі»

У Валожыне і Валожынскім раёне разам з экспертамі з Беларускага таварыства інвалідаў была праведзеная ацэнка даступнасці для людзей з інваліднасцю больш за 270 аб'ектаў інфраструктуры, уключаючы ўваходы ў будынкі, пандусы, вестыбюлі, санвузлы, пад'язныя шляхі, паркоўкі і т.д., у 66 установах і 14 аграсядзібах.

Некалькі дзясяткаў грамадскіх аб'ектаў адаптаваныя для патрэб людзей з інваліднасцю. 19 аб'ектаў абсталявалі пандусамі, поручнямі, тактыльнай пліткай і адмысловымі стаянкамі.

Галіна Рай распавяла, што, напрыклад, стаў даступным для ўсіх Цэнтр культуры, дзе ўжо шмат гадоў праводзіцца фестываль творчасці дзяцей-інвалідаў. Раней жа многіх з іх даводзілася заносіць у залу літаральна на руках.

Турыстычная экасцежка працягласцю 1,4 км знаходзіцца побач з берагам ракі Іслач і адаптаваная для людзей з асаблівымі патрэбамі — мае спецыяльнае пакрыццё, якое дазваляе без перашкодаў перасоўвацца па ёй людзям на інвалідных калясках. Палатно падобна на асфальт, але гэта іншы матэрыял, выкарыстанне якога дазволена на ахоўнай тэрыторыі.

Галіна Рай кажа, што калі ўбачыла на стаянцы 50 машын і зразумела, як запатрабаваная сцежка, слёзы на вочы навярнуліся: «Значыць, нездарма мы працавалі. Гэты турыстычны аб'ект такой папулярнасцю карыстаецца, што мы самі здзівіліся. І там чалавек, які перамяшчаецца на калясцы, можа справіцца самастойна. А бацькі дзяцей-калясачнікаў кажуць, што ў іх з'явілася месца побач з Валожынам, куды можна з'ездзіць усёй сям'ёй. Так што гэта добра і нам, і турыстам».

Акрамя таго, у рамках праекта рэканструявалі будынак тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Валожынскага раёна ў турыстычны інфармацыйны і рэкрэацыйны цэнтр для людзей з інваліднасцю з хостэлам на 20 месцаў і канферэнц-залай.

Ірына Іванова адзначыла: «Людзі з інваліднасцю не падарожнічаюць, таму што для многіх гэта дорага, аднак падарожжы па Беларусі могуць быць больш даступнымі за замежныя. Той жа хостэл у Валожыне, напрыклад, будзе аказваць паслугі па дзяржаўных невысокіх цэнах. Падарожжа можа быць распланавана на два-тры дні, і яго, дзякуючы створанаму даступнаму асяроддзю, змогуць сабе дазволіць усе».

Аўтар: Алена СПАСЮК

Article published in Russian by Nviny.by

Valožyn without barriers