Уся справа ў чалавечнасці: як Валерыя стварыла сваё сацыяльнае прадпрыемства пры падтрымцы EU4Youth

18-02-2021

Валерыі Галавач 23 гады. Яна ўсё яшчэ студэнтка. Валерыя вывучае музычнае мастацтва, рытміку і харэаграфію ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ў Мінску. Яна сумяшчае вучобу з працай у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Гэта дзяржаўная ўстанова, дзе дапамагаюць людзям у цяжкіх жыццёвых сітуацыях. Там яна выкладае музычную тэрапію і эстрадны вакал. На занятках падапечныя Валерыі практыкуюць рэлаксацыю, слухаюць гукі прыроды, вывучаюць асновы эстраднага вакалу і вучацца разумець, як музыка ўплывае на псіхалагічны стан.

Акрамя гэтага, у Валерыі ёсць яшчэ адзін бізнес. Яна і яе бабуля ствараюць падарункавыя ўпакоўкі з прыемным напаўненнем: букеты з цукерак, каробкі з кампліментамі і пажаданнямі, конусныя ўпрыгажэнні.

Як бабуліна хобі пераўтварылася ў бізнес

Валерыя – сірата. Калі ёй было 13 гадоў, бабуля стала яе апекуном. Яна апісвае сваю бабулю як творчую асобу, такую, якая заўсёды ўвасабляе творчыя ідэі ў жыццё. Яна пачала з упрыгожвання бутэлек па просьбах сяброў. З цягам часу з’яўлялася ўсё больш замоў і творчых ідэй, але ў сям’і не хапала сродкаў, каб іх ажыццявіць. Таму Валерыя прапанавала рабіць падарункавыя ўпакоўкі з цукеркамі і прадаваць іх.

У верасні 2019 года Валерыя прыняла ўдзел у праекце EU4Youth. Яна прайшла курсы па прадпрымальніцтву, распрацавала бізнес-план і ў лютым 2020 года атрымала грант у памеры 3 500 еўра на адкрыццё прадпрыемства. Атрымаўшы грашовыя сродкі, Валерыя і яе бабуля пачалі развіваць бізнес.

Аб сацыяльнай накіраванасці бізнесу і цяжкасцях з рэгістрацыяй сацыяльнага праекта

У Валерыі ёсць план: рабіць падарункавыя ўпакоўкі разам з бабуляй, прадаваць іх праз сацыяльныя сеткі, выстаўляць сваю прадукцыю на продаж у крамах, кафэ, рэстаранах і ствараць карпаратыўныя падарункі для кампаній. Паралельна з гэтым Валерыя плануе арганізоўваць майстар-класы для пенсіянераў, браць іх у каманду і прадаваць іх вырабы. Такім чынам у Валерыі будзе больш прадукцыі для развіцця бізнесу, а ў пенсіянераў з’явіцца дадатковы заробак і творчы занятак.

Валерыя распавядае, што знае шмат пажылых людзей, якія хацелі б прадаваць свае вырабы, але не ведаюць, як гэта зрабіць. «А мы ўжо дамовіліся з некалькімі крамамі і вырашылі ім дапамагчы», – гаворыць яна.

«Чаму мы вырашылі дапамагчы пенсіянерам? Усё пачалося з любімага занятку маёй бабулі. Акрамя таго, на сваёй працы я сустракаю шмат пенсіянераў, якія вырабляюць прадукцыю сваімі рукамі, але не могуць яе прадаць. Яны таксама хочуць зарабіць крыху грошай. Пенсія маёй бабулі 300 беларускіх рублёў (каля 120 долараў ЗША), што адпавядае пражытачнаму мінімуму. У яе цукровы дыябет 1-га тыпа, і ёй пастаянна неабходныя ін’екцыі інсуліну і харчаванне кожныя дзве гадзіны, таму на працу яе не возьмуць. Які ж падзаработак могуць знайсці пенсіянеры? Працаваць вартаўніком? Нават у гэтай сферы крытэрыі адбору робяцца больш жорсткімі: часта патрабуецца, каб вартаўнік быў мужчына, які адслужыў у арміі ці скончыў спецыяльныя курсы Міністэрства ўнутраных спраў».

Валерыя хацела аформіць свой бізнес як сацыяльны праект і зарэгістраваць сацыяльны брэнд, каб афіцыйна праводзіць майстар-класы і прадаваць створаную прадукцыю ў разнастайных крамах.

Тым часам яна і яе бабуля займаюцца рамесніцтвам, але неўзабаве павінны зарэгістраваць свой бізнес і атрымаць статус індывідуальнага прадпрымальніка. Тады яны змогуць самі праводзіць майстар-класы. Напрыклад, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дзе працуе Валерыя, згадзіўся прадаставіць памяшканне для заняткаў. Але ёй усё яшчэ трэба знайсці месца для продажу сваёй прадукцыі.

Супрацоўніцтва з крамамі і кафэ

Валерыя пачала працаваць з крамамі, якія належаць яе знаёмым, а затым стала спрабаваць выйсці на буйнейшыя сеткі. Хтосьці згаджаецца, іншыя адмаўляюцца, з некаторымі і наогул немагчыма выйсці на сувязь. «Уся справа ў адносінах людзей да такіх праектаў і чалавечнасці ўвогуле», гаворыць Валерыя.

Вопыт маладой жанчыны паказвае, што малыя прадпрыемствы ў цэлым больш ахвотна згаджаюцца дапамагчы: «Уласнікі аднаго кафэ, якія аднымі з першых згадзіліся выставіць нашу прадукцыю, самі сканструявалі стэнд і склалі праграмны ліст. Яны таксама распавядалі сваім кліентам аб нашых падарункавых упакоўках. Яны нас вельмі моцна падтрымліваюць».

Але яна ўпэўнена, што з цягам часу зможа дамовіцца з іншымі крамамі, якія пакуль што не адказваюць: «Я веру, што беларусы спагадлівыя людзі, і аднойчы яны нас пачуюць».

Як паўплывала на бізнес пандэмія COVID-19

Майстар-класы прыйшлося адкласці да паляпшэння эпідэміялагічнай сітуацыі, папярэднія дамоўленасці з кампаніямі аб пастаўцы карпаратыўных падарункаў былі адмененыя. Рэстараны і кафэ, якія згадзіліся выставіць у сябе яе прадукцыю, зачыніліся. Цяпер яе тавары прадаюцца ў двух кафэ і праз «Інстаграм».

Пандэмія, надыходзячы эканамічны крызіс і цяперашняя сітуацыя ў краіне палохаюць, але маладая жанчына не губляе надзею. Яна прыводзіць параўнанне з ранішнім абуджэннем: «Прачынаючыся кожнай раніцай, вы не ведаеце, ці пойдзе дождж або будзе свяціць сонейка. Таму я спадзяюся, што заўтра будзе сонечна».

Праект EU4Youth і курсы па прадпрымальніцтву, якія наведвала Валерыя, натхнілі яе на развіццё бізнесу, аказанне дапамогі пенсіянерам і праходжанне праз кашмары беларускай бюракратыі: «Што матывуе мяне больш за ўсё, так гэта зацікаўленыя людзі, якія прыходзяць на курсы, а таксама спікеры, якія самі дасягнулі поспеху і перадаюць станоўчыя эмоцыі. Яны гатовыя ў любы момант адказаць на пытанні ці нешта прапанаваць. Веды можна атрымаць адусюль, але эмацыянальнае пасланне можна перадаць толькі праз жывыя зносіны».

Не толькі ўдзел у праекце матывуе Валерыю, але і яе бабуля, якая моцна жадае, каб яе вырабы прадаваліся, а таксама прыклады іншых пенсіянераў, якія працуюць з любоўю і захапленнем. Маладую жанчыну заахвочвае яе вера ў перамены: «Беларусь чакаюць змены і паляпшэнні», усміхаецца яна.

Аўтар: Алена Старасціна

Праект «EU4Youth – Ад працаўладкавання да стабільнасці ў Арменіі, Беларусі і Украіне» накіраваны на паляпшэнне магчымасцей працаўладкавання і прадпрымальніцтва сярод сацыяльна ўразлівых груп маладых людзей і спрыяе іх актыўнай прысутнасці на рынку працы ў Арменіі, Беларусі і Украіне. Праект рэалізуецца арганізацыяй «SOS Дзіцячыя вёскі, Аўстрыя» у партнёрстве з міжнароднай грамадскай арганізацыяй «SOS Дзіцячыя вёскі, Беларусь», дабрачынным фондам «SOS Дзіцячыя вёскі, Арменія», Цэнтрам дзелавых камунікацый «БЕЛБІЗ» (Беларусь), Альянсам за грамадзянскія правы (Украіна), Цэнтрам падтрымкі бізнесу BSC (Арменія), арганізацыяй «Stichting Aflatoun International» (Нідэрланды) і міжнароднай дабрачыннай арганізацыяй «SOS Дзіцячыя вёскі, Украіна».