Устойлівыя СМІ: ключ да незалежнасці

27-04-2018

Кожны год 3-га траўня ўвесь свет адзначае Дзень свабоды прэсы. Гэта дзень, калі мы гаворым пра асноватворную ролю свабодных СМІ для дэмакратыі, пра важнасць плюралізму ў медыя, пра значнасць аб'ектыўнай, якаснай і этычнай журналістыкі для інфармавання грамадзян і абароны іх інтарэсаў,  а таксама для забеспячэння адказнасці ўладаў.

Мы шмат чуем пра незалежнасць, але значна менш пра тое, што гэта такое насамрэч. Мы думаем пра журналістаў, якія часта нягледзячы на непасрэдную рызыку праводзяць уласныя расследаванні, пра іх незалежныя меркаванні. Але пра медыя-менеджараў у офісах, якія забяспечваюць падтрымку, публікацыю матэрыялаў, выхад у эфір, аплату працы журналістаў, мы думаем куды радзей.

Еўрапейскі саюз вельмі добра ўсведамляе гэтую праблему. «Свабодная журналістыка сутыкаецца з комплекснымі пагрозамі », – адзначыў Камісар па Еўрапейскай палітыцы суседства Ёханэс Хан на Канферэнцыі СМІ Усходняга партнёрства ў верасні мінулага года. Ён дадаў, што «карыслівыя інтарэсы і канцэнтрацыя ўласнасці на СМІ робяць выжыванне незалежных СМІ складанай справай, », і падкрэсліў выключную важнасць «пошуку шляхоў дасягнення эканамічнай устойлівасці СМІ».

«Аказваецца значная падтрымка па выпуску матэрыялаў, падтрымка журналістыкі, але мясцовай прэсе неабходна больш дапамогі, каб стаць устойлівай », – пацвярджае Вeселін Вачкаў, дырэктар самай прэстыжнай і найстарэйшай чэшскай штодзённай газеты Lidové noviny. Ён супрацоўнічае з праектам OPEN Media Hub, які фінансуецца ЕС, і праводзіць серыю семінараў і майстар-класаў па медыя-менеджменце ў краінах Усходняга партнёрства. Навучанне арыентавана на паляпшэнне навыкаў арганізацыйнага і фінансавага менеджменту і спосабы павелічэння прыбытковасці друкаваных і анлайнавых СМІ.

Вачкаў адзначае, што тыя СМІ, з якімі ён працаваў у Арменіі, Грузіі і Украіне, ведаюць пра этыку СМІ і імкнуццападаваць збалансаваную інфармацыю і якасна выконваць сваю працу «нават паводле заходніх стандартаў».

«Але калі ты залежыш ад дзяржаўнага фінансавання, фінансавання мясцовага прадпрымальніка ці алігарха, або нават ад грошай ЕС, вельмі хутка пачынаеш разумець, што насамрэч ты свабодны не да канца».

Паводле Артура Каргенча, дырэктара па навінах на PRO TV у Кішынёве, найбуйнейшага незалежнага СМІ ў Малдове, фінансавы ціск часам прыгнятае незалежную прэсу нашмат мацней, чым непрыхаваны палітычны ціск. «Фінансавая незалежнасць – сінонім незалежнай рэдакцыйнай палітыкі. Улады ў Малдове зразумелі гэта, і цяпер спрабуюць зрабіць так, каб незалежным СМІ было цяжка выжыць», – кажа ён.

У мінулым годзе ўлады ўвялі новыя правілы, паводле якіх тэлеканалы мусяць паказваць як мінімум 8 гадзін мясцовых праграм на дзень, з якіх 6 – у прайм-тайм. «Акрамя таго, што для большасці каналаў, у тым ліку і для PRO TV уКішынёве, гэта непасільны фінансавы цяжар»,  гэта азначае, што тэлеканалы больш не маюць магчымасці трансляваць у прайм-тайм замежныя праграмы з высокім рэйтынгам, напрыклад, футбольныя матчы ці галівудскія фільмы, «а як раз гэтыя праграмы прыцягваюць рэкламадаўцаў і адпаведна грошы», – адзначыў Каргенча.

З дапамогай Еўрапейскага фонду ў падтрымку дэмакратыі (EED) PRO TV удалося адысці ад краю прорвы. Фонд падтрымліваецца Еўрапейскім саюзам і забяспечвае гранты для арганізацый, якія садзейнічаюць пашырэнню дэмакратыі і правоў чалавека. Фінансаванне EED дапамагло PRO TV стварыць чатыры новыя шоу, у тым ліку праграму In PROfunzime – штотыднёвае палітычнае ток-шоу, якое стала адной з найбольш папулярных праграм у Малдове, а таксама папулярныя забаўляльныя перадачы.

Каргенча зазначыў: «Дзякуючы фінансаванню EED мы змаглі прытрымлівацца квоты на трансляцыю мясцовых праграм і пабудаваць больш устойлівую базу для будучыні. Нашы перадачы папулярныя, яны маюць высокі рэйтынг, таму мы ўпэўненыя, што гэтыя шоу прывабяць рэкламадаўцаў, нават нягледзячы на складаныя абставіны».

Падтрымка EED таксама дапамагла PRO TV пабудаваць вытворчыя калектывы і ўнутраны патэнцыял для стварэння праграм. «Цяпер у гэтых калектываў ёсць досвед, яны могуць працягваць выпускаць перадачы і ў будучыні ініцыяваць новыя тэлепраекты», – кажа Каргенча.

Фінансавыя цяжкасці, аднак, маюць не толькі палітычны падтэкст. Паводлех Веселіна Вачкава, СМІ ў краінах Усходняга партнёрства ў большасці выпадкаў сутыкаюцца з тымі самымі выклікамі, якія апошнім часам прывялі да значнага звужэння разнастайнасці медыя ландшафту ў краінах Заходняй Еўропы. Сярод такіх выклікаў Вачкаў называе змяншэнне тыражу друкаваных СМІ, якое становіцца яшчэ больш відавочным ва ўмовах эканамічнага крызісу, пераход ад друкаваных да лічбавых носьбітаў і адпаведна узнікненне праблемы атрымання даходаў у інтэрнэце, неабходнасць інвестыцый у новыя тэхналогіі, а таксама зніжэнне даходаў ад рэкламы.

Курс Веселіна Вачкава па медыя менеджменце – якi таксама даступны як анлайн курс разглядае ўсе гэтыя пытанні і многае іншае. «У нас былі вельмі станоўчыя водгукі, – кажа Вачкаў. Удзельнікі вельмі рады атрымаць падтрымку, каб забяспечыць больш устойлiвую будучыню ». Паспяховы медыя-бізнес ва ўмовах невялікага рынку – само па сабе выклік. Так лічыць Людміла Чэкіна, генеральны дырэктар TUT.BY, вядучага навінавага інтэрнэт-парталу ў Беларусі, які мае рэдакцыйны штат больш за 50 чалавек, і які чытае 42,9% усіх беларускіх інтэрнэт-карыстальнікаў.

«Паспяховая фінансавая мадэль дазваляе незалежным СМІ выжываць, – кажа яна. Павелічэнне даходнасці таксама дазваляе СМІ быць незалежным ад буйных карпаратыўных рэкламадаўцаў».

Нягледзячы на тое, што са стартапа ў 2000 годзе кампанія вырасла ў буйнога лічбавага медыя-іграка, залежнасць кампаніі ад брэндавага рэкламнага рынку ў Беларусі і ўсё большая канкурэнцыя на анлайн прасторы, у тым ліку і з боку замежных СМІ, азначала, што каб заставацца наперадзе, TUT.BY трэба было развіваць арганізацыйную структуру і ўводзіць больш эфектыўныя аперацыйныя працэсы.

Каб гэта ажыццявіць, TUT.BY звярнуўся да праграмы кансультацый для малога бізнесу, якая фінансуецца ЕС і рэалізуецца Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця. Праграма звязала TUT.BY з камандай міжнародных бізнес-кансультантаў. «Праект дапамог кампаніі істотна палепшыць аперацыйныя паказчыкі, нам далі рэкамендацыі па развіцці відэа сектара, складанні бюджэту, а таксама падштурхнулі прыняць стратэгічныя рашэнні, якія змянілі структуру кампаніі», – кажа Чэкіна.

У выніку даходы выраслі на 20%. «Несумненна, з паляпшэннем здольнасці зарабляць, адпаведна паступова павялічваецца рэдакцыйны бюджэт і колькасць занятых журналістаў», кажа Чэкіна і дадае: «Наша рэнтабельнасць дапамагае нам захоўваць незалежнасць».

Людміла Чэкіна глядзіць наперад з упэўненасцю, але яна ўсведамляе, што для росту неабходна дыверсіфікацыя: “У невялікіх краінах асноўнай праблемай для СМІ, якія фінансуюцца за кошт рэкламы, з’яўляецца абмежаваны рынак. Таму мы лічым, што развіццё праектаў інфармацыйнага напаўнення з магчымасцю пашырэння на буйныя рынкі і супрацоўніцтва з вядучымі сэрвіснымі кампаніямі на іншых рынках… найбольш перспектыўныя і эфектыўныя стратэгіі.”

Няхай у Міжнародны Дзень свабоды прэсы гэта будзе напамінам: для таго, каб працягвалі выходзіць артыкулы і сюжэты, незалежным СМІ неабходныя ўстойлівыя бізнес-мадэлі.

«Выпускаць газету – гэта не толькі пісаць артыкулы », – нагадвае Вeселін Вачкаў удзельнікам семінараў па медыя-менеджменце. «Устойлівасць з'яўляецца больш складанай задачай, чым якасць. І чым больш СМІ паспяховае эканамічна, тым больш мы незалежныя як журналісты».

***

Аўтар: Коста Ст. Паўловіч (былы журналіст Бі-бі-сі, аўтар Радыё « France

Internationale» і галоўны рэдактар газеты «Cyprus Mail»)

Tackling the challenges for independent media in the Eastern Partnership countries

"Вырашэнне праблем незалежных СМІ ў краінах Усходняга партнёрства" – медыяфорум Усходняга партнёрства, які адбыўся пры падтрымцы ЕС у Кіеве (Украіна) 13 верасня 2017 года

OPEN MEDIA HUB

Праект OPEN Media Hub фінансуецца ЕС i падтрымлівае работнікаў СМІ з рэгiёну суседства ЕС. Падтрымкай праекта ў галіне медыя-менеджменту ўжо скарысталiся 753 чалавекі, у тым ліку 244 медыя-менеджары індывідуальна з наступнай кансультацыяй па менеджменце для выбраных незалежных СМІ. Чатыры анлайн-курсы Media Hub, якiя адкрытыя для ўсіх і даступныя на рускай мове, прайшло 350 чалавек, з іх 148 прайшлі курс па медыя-менеджменце. www.openmediahub.com www.openmediahub.com/e-learning

Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі

Еўрапейскі фонд у падтрымку дэмакратыі (The European Endowment for Democracy) з'яўляецца незалежнай грантавай арганізацыяй, якая падтрымлівае ўдзельнікаў дэмакратычных пераўтварэнняў у Еўропе і за яе межамі. Гэта сумесная ініцыятыва дзяржаў-членаў ЕС і інстытутаў ЕС, якая атрымлівае фінансаванне ЕС для пакрыцця сваіх аперацыйных выдаткаў. Фонд аказвае падтрымку прадэмакратычным арганізацыям грамадзянскай супольнасці, рухам і асобным актывістам, якія дзейнічаюць на карысць плюралістычнай шматпартыйнай сістэмы, незалежна ад памеру і юрыдычнага статусу, а таксама незалежным СМІ і журналістам. Падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі з'яўляецца адным з ключавых кірункаў працы фонду ў рэгiёне суседства  ЕС. www.democracyendowment.eu